17 верасня 1939 года. – У Крулеўшчыну ўвайшлі савецкія войскі.
Верасень 1939 года – у Крулеўшчыне заснаваны аддзел НКУС. Аддзелам былі беспадстаўна рэпрэсаваныя некалькі дзесяткаў жыхароў навакольных вёсак, у тым ліку ўсё насельніцтва засценку Антунова.
1939 год - размяшчэнне вайсковай часці ў былым маёнтку Замошша. У хуткім часе тут збудаваны артылерыйскі склад боепрыпасаў 4-га разраду № 275. Тут размясціліся таксама 88-я мясцовая асобная стралковая рота і 39 асобны мясцовы стралковы узвод. Таксама ў Крулеўшчыне ствараецца нафтасклад, а каля Слабады – вайсковы аэрадром.
13 лютага 1940 года – стварэнне сельсавета ў Крулеўшчыне. У яго склад увайшлі 29 паселішчаў, першы старшыня – Уладзімір Слізень.
1940-41 - Пачатак будаўніцтва чыгункі Круляўшчызна – Лепель. (Спынена ў чэрвені 1941 года у сувязі з прыходам фашыстаў і не аднавілася) У гэты перыяд узведзены склады каля чыгункі недалёка ад засц. Крупскія. Пагрузка і перагрузка ў Круляўшчызне дасягала 185 вагонаў у суткі. Чыгунка пераведзена з каляі 1435 мм на каляю 1524 мм, адноўлены другі пуць Фарынава – Круляўшчызна - Маладзечна – Багданаў, павялічана прапускная здольнасць чыгункі Круляўшчызна – Падброддзе.
1941, канец чэрвеня. Прадугледжваўся масавы вываз жыхароў суседніх вёсак на Сібір. Быў сарваны з-за пачатку вайны.
1941 год, 23 чэрвеня. У сувязі з пачаткам 22 чэрвеня Вялікай Айчыннай вайны спыняюцца будаўніцтва чыгункі Круляўшчызна – Лепель і аэрадрома ў Слабадзе.
1941 год, 23 чэрвеня. Першы налёт нямецкай авіяцыі на Крулеўшчыну. Нанесены ўдары па вадаправоду, чыгунцы ў раёне Швэплеўскага пераезду, складам у Замошшы і аэрадроме ў Слабадзе.
1941 год, 2 ліпеня. Адступленне савецкіх ваенных частак, размешчаных у Замошшы. Пры адступленні здзейснены падрыў складоў, пры якім разбурана значная частка пабудоў маёнтка Замошша.
1941 год, 3 ліпеня. Нямецкія войскі займаюць Крулеўшчыну.
1941 год, 3 ліпеня – 1944 год, 2 ліпеня. Нямецкая акупацыя Крулеўшчына. Акупантамі знішчаны ўсе яўрэі, значная частка камуністаў, шмат жыхароў навакольных вёсак цягнікамі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Крулеўшчына стала цэнтрам воласці. Тут таксама размясціўся нямецкі гарнізон (каля 600 салдат і афіцэраў). Некаторыя работнікі чыгункі былі звязаны з партызанамі і паведамлялі ім звесткі аб вайсковых перавозках.
1942 год. Збудаваны тры новыя секцыі паравознага дэпо. Нямецкая будаўнічая арганізацыя ТОДТ збудавала ў Крулеўшчыне два бомбасховішчы.
1943 год, красавік-кастрычнік. Праца ў Крулеўшчыне праваслаўнага святара Стэфана Бягуна, які распачаў тут будаўніцтва царквы. Царква не была дабудавана, а тое, што паспелі зрабіць, знішчана пазней бальшавікамі.
1943 год, 17 жніўня. Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя брыгад “Жалязняк” і 1-й Антыфашысцкай. Напад партызанаў Гіль-Радзіёнава на Крулеўшчыну, які пранік сюды шляхам падману (немцы тады яшчэ не ведалі пра яго пераход на бок партызанаў). Спалена школа, паравознае дэпо, некаторыя склады. Знішчаны 4 паравозы, 35 вагонаў, значныя страты сярод фашыстаў.
1944 год, канец чэрвеня. Падрыхтоўка немцаў да адступлення. Разбурэнне участка чыгункі пуцеразбуральнікам “Крук”, узрыў вакзала, ваданапорнай вежы.
1944 год, 2 ліпеня. Вызваленне Крулеўшчыны ад немцаў.
1944 год, пачатак ліпеня. Аднаўленчыя работы на чыгунцы. Перавод чыгункі з каляі шырынёй 1435 мм на шырыню 1524 мм.
1944 год, 9 ліпеня. Прайшоў першы савецкі вайсковы цягнік па напрамку Круляўшчызна – Варапаева.
1944 год, сярэдзіна ліпеня. Адаўленне руху па чыгунцы Круляўшчызна – Маладзечна.
1944 год, 20 (21?) жніўня. Нарада Параф’янаўскага раённага аддзела адукацыі, на якой узнята пытанне аб аднаўленні школы ў Крулеўшчыне.
1944 год, 20 жніўня. Гібель у выніку аварыі самалёта Героя Савецкага Саюза лётчыка Івана Сцяпанавіча Палявога ў лясным масіве на паўднёвы захад ад Крулеўшчыны.
1944 год, 1 верасня. Распачаліся заняткі ў Крулеўшчынскай пачатковай школе.
1948 год. Стварэнне ў будынках цагельні Марціна Клентака дзяржаўнага прадпрыемства па вырабу цэглы. За 1948 год выпушчана 700 000 штук цэглы.
1953 год. Перавод паравознага дэпо Круляўшчызна ў разрад абаротных.
1954 год, 24 красавіка – ліквідацыя Валодзькаўскага сельсавета, далучэнне большай часткі яго тэрыторыі да Крулеўшчынскага.
1954 год. Першы выпуск Крулеўшчынскай школы (16 чалавек). Пачатак працы сярэдняй школы № 36 Калінінскай чыгункі (пазней СШ № 57 Беларускай чыгункі).
Сярэдзіна 1950-х гг – будаўніцтва новага чыгуначнага вакзала.
1956 год, красавік. Пачатак торфаздабычы ў Рамжыне. Заснаванне торфапрадпрыемства “Рамжына” і жылога пасёлка Рамжына-2.
1957 год. Пачатак будаўніцва цагельнага завода. Далучэнне Круляўшчызненскай дыстанцыі пуці да Варапаеўскай, закрыццё вагоннага дэпо.
1959 год. Адкрыццё чыгуначнага дзіцячага саду.
1962 год. У сувязі са святкаваннем 150-годдзя Айчыннай вайны 1812 года начальнікам станцыі В. І. Бельскім было ўзнята пытанне аб перайменаванні Крулеўшчыны у Сяславіна.
1962 год. Перадача СШ № 57 Беларускай чыгункі Міністэрству адукацыі БССР. Дырэктар школы – А. Круцянёў.
1962 год, 25 снежня – 1965 год, 6 студзеня – знаходжанне Крулеўшчыне ў складзе Глыбоцкага раёна.
1963 год – пачатак меліярацыйных работ у вярхоўях Бярэзіны.
1964 год – Пачатак будаўніцтва торфабрыкетнага завода і жылога пасёлку пры ім. Стварэнне з гэтай мэтай БМУ-6 (ПМК-3).
1965 год – пачатак торфаздабычы ў вярхоўях Бярэзіны.
1965 год, кастрычнік – завершана пабудова двух 18-кватэрных жылых дамоў у жылым пасёлку торфабрыкетнага завода. Новай вуліцы нададзена імя Героя Савецкага Саюза Івана Палявога. Планавалася таксама пабудова шасці чатырохпавярховых дамоў.
1966 год, лета – пачатак працы новага цэха торфапрадпрыемства “Рамжына” на ўсход ад Крулеўшчыны.
1966 год, канец – здача ў эксплуатацыю першага чатырохпавярховага жылога дома.
1966 год – усталяванне стэлы з памятным надпісам аб аперацыі 1-й Антыфашысцкай брыгады перад чыгуначным вакзалам.
1967 год, 30 студзеня – перайменаванне торфапрадпрыемства “Рамжына” у торфабрыкетны завод “Віцебскі”.
1967 год – разбурэнне камуністамі касцёла Сэрца Езуса (выкарыстаны для пабудовы школы ў Малажанах)
Сярэдзіна 1960-х – збудавана вузкакалейная чыгунка, якая звязала торфабрыкетны завод з участкамі торфаздабычы. Будаўніцтва ўчастка для перагрузкі торфабрыкету і торфу з вагонаў вузкакалейкі ў звычайныя вагоны.
1968 год – увод у строй новага будынка цагельнага завода.
1960-я гады – настаўнік Крулеўшчынскай школы Анатоль Чарнаруцкі стварыў у школе музей памяці Героя СССР Івана Палявога.
1969 год – пачатак пабудовы новага будынка Крулеўшчынскай сярэдняй школы.
1970 год, снежань. У дэпо Круляўшчызна паступілі першыя цеплавозы М62, якія курсіравалі на Полацк, Вільнюс і Друю.
1972 год. Колькасць насельніцтва Крулеўшчыны складала 2611 чалавек.
1973 год. Адчынены новы будынак сярэдняй школы.
Сярэдзіна 1970-х. Вайсковая нафтабаза ў Крулеўшчыне пераўтворана ў прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадукатамі, якое пачало абслугоўваць 7 раёнаў захаду Віцебскай вобласці.
Сярэдзіна 1970-х – у склад Крулеўшчыны ўвайшлі вёскі Янушэва, Бабічы, Стралкоўскія. Швэплі, Крупскія.
1977 год – калектыў торфабрыкетнага завода ўзнагароджаны пераходным Чырвоным знаменем ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР.
1978 год – поўны перавод руху цягнікоў на цеплавозную цягу.
1978 год – торфабрыкетны завод – удзельнік ВДНГ СССР, узнагароджаны дыпломам ІІ ступені.
Канец 1960-х - 1970-я гады – пашыраны і адрамантаваны аўтадарогі Крулеўшчына – Падсвілле, Крулеўшчына – Глыбокае, Крулеўшчына – Докшыцы. У хуткім часе арганізаваны рух аўтобусаў на Глыбокае і Докшыцы.
1988 год, 17 чэрвеня – у в. Бацілоўшчына Глыбоцкага раёна пачаў сваю працу гравійна-сартавальны завод “Круляўшчызна”. Прадугледжвалася пабудова драбільнага цэха і цяпліц на заводзе. Збудавана 4-кіламетровая чыгуначная ветка да пагрузачнай пляцоўкі ў раёне пас. Рамжына-2.
1990 год – адкрыццё сартыровачнай горкі на чыгуначнай станцыі. З-за зніжэння ў хуткім часе пасля гэтага перавозак горка была зачынена.
1991 год – надзвычайная сітуацыя на нафтабазе: адбылося ўзгаранне аднаго з рэзервуараў. Для тушэння былі сцягнуты значныя сілы, арганізавана эвакуацыя насельніцтва з Крулеўшчыны. Пажар ліквідаваны.
1993 год – увод у строй новага будынку Крулеўшчынскай бальніцы.
1994 год, 24 снежня – пачатак рэгулярных набажэнстваў у касцёле Сэрца Езуса, размешчаным у будынку колішняй школьнай спартзалы.
1994 год – адной з новых вуліц Крулеўшчыны прысвоена назва “Сяславіна”.
1999 год – паводле перапісу насельніцтва Беларусі, насельніцтва Крулеўшчыны складала 3285 чалавек. Крулеўшчына - другое ў раёне і 34-е ў Віцебскай вобласці паселішча па колькасці насельніцтва.
2001 год – пачатак будаўніцтва новай праваслаўнай царквы.
2002 год, май – асвячэнне месца будаўніцтва царквы.
2003 год – ліквідацыя ПМК-3
2005 год, жнівень – падключэнне жылых дамоў на вул. Палявога да прыроднага газу.
2005 год, 12 кастрычніка – урачыстае асвячэнне новай царквы Яна Хрысціцеля ў Крулеўшчыне.
2006 год, студзень – увод у строй новай кацельні для ацяплення жылых дамоў па вул. Палявога.
2007 год (плануецца) – стварэнне аграгарадка ў былой в. Янушэва.
На галоўную
Крулеўшчына на РАДЗІМЕ
КАСТУСЬ АКУЛА - ураджэнец гэтага краю
Крулеўшчына да 1939 года
|