КРУЛЕЎШЧЫНА. ПАСЕЛІШЧА ПРЫ ЧЫГУНЦЫ

КРУЛЕЎШЧЫНА Ў СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

Існаванне Крулеўшчыны цесна звязана з чыгункай. Калі б не чыгунка, то не з’явілася б на карце такое паселішча. А ўсё пачыналася са стратэгічных інтарэсаў Расійскай імперыі…У студзені 1901 года на нарадзе генштабаў Расіі і Францыі было ўзнята пытанне аб будаўніцтве двухкалейнай Балагое-Сядлецкай чыгункі для паскарэння перакідвання войск да мяжы ў выпадку вайны. Вясной 1902 года пачаліся работы па будаўніцтву землянога палатна Балагое-Сядлецкай чыгункі.
У 1903 годзе пачалася ўкладка рэек. У 1905 г. на ўчастках, прылягаючых да Полацка, пачаўся рух паяздоў. На 555 кіламетры гэтай чыгункі пачалося ўзвядзенне прамежкавай чыгуначнай станцыі Сяславіна. Да 1905 года пабудавана чыгуначная станцыя IV класа з некалькіх пуцей, узнік пасёлак для чыгуначных рабочых, дзе было каля дзесятка дамоў.
У 1904-05 гг адчуўся рэзкі недахоп грошай для будаўніцтва Балагое-Сядлецкай чыгункі, гэта было звязана з тым, што Расія вяла вайну з Японіяй. Расійскія ўлады пачалі шукаць грошы. Міністр фінансаў С.Ю.Віттэ сказаў: «Разъясняйте и внушайте кому следует, что теперь Франция и Германия должны нас поддержать всеми силами и сделать наш заем как можно скорее». Дагавор пазыкі быў падпісаны 17 красавіка 1906 года з улікам патрабавання «не обращаться два года к французскому кредиту». Сума пазыкі склала 2250 млн. франкаў (каля 690 млн. рублёў), якой хапіла на будаўніцтва і эксплуатацыю чыгункі да 1910 года. 1 студзеня 1907 года афіцыйна адкрыта Балагое-Сядлецкая двухпутная чыгунка. Участак Балагое-Полацк-Ваўкавыск увайшоў у склад Мікалаеўскай чыгункі з кіраваннем у Пецярбурзе, з 1910 года участак Полацк-Маладзечна-Ваўкавыск адышоў да Палескіх чыгунак.

На адрэзку чыгункі ад Фарынава да Параф’янава былі пабудаваны цагляныя вакзалы па аднаму ж і таму праекту. Да сённяшняга часу будынкі вакзалаў захаваліся на станцыях Зябкі, Загацце, Фарынава. Па звестках за 1909 год, па участку Полацк-Маладзечна штодзённа курсіравалі паязды на Вільню і Сядлец. Хадзіў скоры цягнік Пецярбург – Сядлец. Першыя дамы ў Сяславіна былі ўздоўж чыгункі, два дамы стаялі непадалёк ад месца, дзе зараз знаходзіцца музычная школа.


Аляксандр Сяславін.
Да 1919 года Крулеўшчына насіла імя героя Айчыннай вайны 1812 года Аляксандра Сяславіна. Хто ж ён такі?
Аляксандр Мікітавіч Сяславін нарадзіўся ў 1780 годзе ў в.Ясемава Ржэўскага павета Цвярской губерніі. Пасля заканчэння 2-га кадэцкага корпуса служыў у гвардзейскай коннай арміі, прымаў актыўны ўдзел у войнах з Францыяй (1805 – 1807гг.), з Турцыяй (1806 – 1812гг.). Асабліва вызначыўся ў час вайны 1812 года. Спачатку капітан А.М.Сяславін непрацяглы час быў ад’ютантам галоўнакамандуючага рускай арміі М.Б.Барклая дэ Толі, але з верасня 1812 года прызначаны камандзірам кавалерыйскага партызанскага атрада. Яго падраздзяленне першае выявіла рух напалеонаўскай гвардыі з Масквы на Малаяраславец, аб чым далажыў генералу О. Дохтураву. Камандзір атрада Сяславін атрымаў падзяку ад кіраўніцтва войскаў. Потым Сяславін удзельнічаў у шматлікіх рэйдах коннікаў-партызан, рабіў напады на гарнізоны, апорныя пункты, камунікацыі праціўніка, удзельнічаў у вызваленні Вязьмы, Віцебска, Барысава, Вільні. Вызначыўся ля Віцебска, дзе “вісеў” на флангах праціўніка, абганяў перадавыя часці і нападаў на іх, здабываў разведзвесткі і перадаваў галоўнаму камандаванню. У канцы верасня 1812 года разам з атрадамі Давыдава і Фігнера ля в.Ляхава Віцебскай губерніі прымусіў скласці зброю каля 2000 французаў. За гэта Сяславіну прысвоена званне палкоўніка і яму выдадзена зброя з залатым надпісам “За храбрость”.За вызваленне Вільні Сяславіну прысвоена званне генерал-маёра, а за ўдзел у баях пад Лейпцыгам у 1813 годзе – генерал-лейтэнанта. У 1856 годзе Сяславін пайшоў у адстаўку па стану здароўя. У 1858 годзе, у красавіку памёр у роднай вёсцы, у маёнтку бацькі.
У савецкі час – у 1962 і 1990 гг уздымалі пытанне аб вяртанні станцыі назвы Сяславіна. Звароты да ўлады з такой прапановай пісаў колішні НКВДзіст Васіль Талярэнка. Улады не задаволілі гэтыя звароты. Ужо ў 1990-х гг яго мясцовыя ўлады ўвекавечылі колішнюю назву станцыі ў назве новай вуліцы на ўскраіне Крулеўшчыны. Апроч Крулеўшчыны, вуліца Сяславіна існуе ў Маскве.

Праекты, якія не ажыццявіліся.
Вядома, што ў 1897 годзе быў адкрыты рух па вузкакалейцы Новыя Свянцяны – Беразвеч (чыгуначная станцыя Глыбокае да пачатку 1920-х гадоў называлася Беразвеч). Гэтая чыгунка была толькі часткай грандыёзнага праекта пабудовы вузкакалейкі ад Оршы да Рыгі. Аднак у рыжскім напрамку вузкакалейка дайшла толькі да Панявежыса, ды і на Оршу цягнікі праз Глыбокае так і не пайшлі. Прычынай гэтага з’яўлялася тое, што працяг чыгункі не адобрыў царскі ўрад. У выніку вузкакалейка не прыносіла Першаму таварыству пад’язных пуцей, якое яе збудавала, аніякага прыбытку, тым не менш спрычынілася да эканамічнага развіцця паўночна-заходняй Беларусі. Варта толькі глянуць на карту, каб зразумець, дзе павінна была перасякаць вузкакалейка Балагое-Сядлецкую чыгунку. Вядома ж, на станцыі Сяславіна. Такім чынам, калі б чыгунку ўсё ж пабудавалі, Крулеўшчына ўжо ў дарэвалюцыйныя часы атрымала б вялікі стымул да развіцця, і, магчыма, была б зараз не паселішчам сельскага тыпу, а горадам. У 1909 годзе тое ж Першае таварыства пад’яздных пуцей разгледзела праект будаўніцтва Данецка-Балтыйскай чыгункі, якая павінна была ісці па маршруце Льгоў – Магілёў – Орша – Сяславіна – Паставы – Панявежыс – Рыга. Існаваў яшчэ адзін праект пабудовы чыгункі з Крулеўшчыны на Оршу: у 1940 годзе было распачата будаўніцтва веткі з Крулеўшчыны на Лепель. Будаўніцтву перашкодзіў пачатак Другой сусветнай вайны. Да сённяшняга часу, аднак, паблізу Крулеўшчыны бачны насыпы гэтай чыгункі.

КРУЛЕЎШЧЫНА Ў ЧАС ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАНЫ

Вузкакалейка на Глыбокае.
Калі распачалася Першая Сусветная вайна, то думаць не было калі. Усяго за некалькі месяцаў была ўзведзена вузкакалейная чыгунка з шырынёй каляі 750 мм, якая злучыла Сяславіна са станцыяй Беразвеч (Глыбокае). Колішняя прамежкавая станцыя стала важным стратэгічным транспартным вузлом. Вось як піша пра гэта С.Н.Сурына-Масальская ў кнізе «Записки беженца», дзе апісана сітуацыя ў 1915г. у Глыбокім і ваколіцах: «…на линии железной дороги, которую решили, наконец, строить от станции Березвечь (Глубокое) до станции Сеславино (14 вер.). В конце июля приехали инженеры, начались изыскания, а в августе уже сотни рабочих чернели в поле и возводилось полотно железной дороги…»
Праўда, у 1915 годзе дабудаваць чыгунку не паспелі. З-за прарыва нямецкай кавалерыі ў раёне Новасвянцян к канцу жніўня работы спыняюцца. Эвакуіруюцца станцыі Будслаў, Параф’янаў, Сяславіна. Праз Глыбокае праходзіла шмат бежанцаў, якія прыбывалі на станцыю Беразвеч паяздамі вузкакалейкі, пешам ішлі да Сяславіна, а адтуль напраўляліся на Полацк па чыгунцы. У час з 15 на 16 верасня (па н. ст.) атрад генерала Патапава, які адступаў, спаліў ст. Беразвеч і адступіў на Падсвілле. Планавалася таксама ўзарваць ст. Сяславіна, але гэта не адбылося. Гэтыя тэрыторыі занялі 9-я і іншыя кавалерыйскія дывізіі нямецкіх войск. Але ўжо к канцу месяца расійскія войскі вызвалілі гэты рэгіён.

Чыгунка ў перыяд вайны.
У кастрычніку 1915 года прарыў ліквідуецца. Аднаўляецца работа ўчастка Сяславіна – Маладзечна. 27 снежня ўчастак Полацк – Сяславіна - Маладзечна перадаецца Рыга-Арлоўскай чыгунцы, а па вузкакалейцы Сяславіна – Беразвеч да канца 1915 года прайшлі першыя цягнікі. У 1915 – 1916 гг. у сувязі з тым, што станцыя Сяславіна стала вузлавой, у Сяславіна было перанесена з суседняй станцыі Параф’янава паравознае дэпо. Былі пабудаваны два так званыя “вугольнікі” для развароту паравозаў, адзін з якіх дзейнічаў яшчэ ў савецкі час. У Крулеўшчыне было таксама пабудавана шмат розных памяшканняў для вайскоўцаў, якія займалі значную тэрыторыю. Былі таксама заснаваны пякарня, электрастанцыя, пракладзены водаправод. Для яго функцыянавання была збудавана помпавая станцыя каля маёнтка Субатава (сённяшні Абрубскі сельсавет Глыбоцкага раёна), якая перапампоўвала ваду з вярхоўяў рэчкі Аржаніцы. Таксама тут былі ўзведзены электрастанцыя, баня, пякарня, склады, камендатура, інтэнданцтва, шмат жылых памяшканняў для вайскоўцаў.

Кітайцы ў Сяславіна.
На станцыі Сяславіна збудавана досыць шмат пабудоў для жаўнераў сапёрнай часці, што базіравалася тут. Паводле ўспамінаў старажылаў, значную частку гэтых пабудоў узвялі кітайцы, якія працавалі тут паводле дамовы паміж Кітаем і Расіяй. Вядома, што кітайцы у той перыяд будавалі таксама вузкакалейку каля станцыі Параф’янава.

Капліца ў Дубоўскіх.
Вайскоўцы збудавалі капліцу каля засценку Дубоўскія на поўнач ад Сяславіна, дзе былі пахаваны каля 80 жаўнераў, загінуўшых у баях і памёршых ад ран ў ваенным шпіталі, што існаваў на станцыі. У капліцы доўгі час віселі спісы вайскоўцаў, пахаваных на могілках. Спісы тыя былі страчаныя ў пасляваенны час. Зараз вайсковыя могілкі знаходзяцца ў жахлівым стане. На магілах ужо няма нават і крыжоў.
Яшчэ адна капліца існавала пры сучаснай вуліцы Гогаля і была страчана ў 1920 – я гады.

Аэрадром.
У некаторых дакументах згадваецца вайсковы аэрадром ў Сяславіне, збудаваны, верагодна, расейцамі. У час польска-бальшавіцкай вайны ён выкарыстоўваўся палякамі. Месцам яго верагоднага размяшчэння, была, хутчэй за ўсё, прастора паміж чыгункамі на Глыбокае і Маладзечна, на захад ад Крулеўшчыны. Менавіта там у 1916 годзе паказаны шэраг пабудоў, якія ў 1920-я гады ўжо не існавалі. Таксама на размяшчэнне важнага стратэгічнага аб’екта ў гэтым месцы паказвае тое, што сюды менавіта ў той перыяд былі праведзены досыць добрыя дарогі з боку чыгуначнай станцыі.

КРУЛЕЎШЧЫНА Ў СКЛАДЗЕ ІІ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Назва “Крулеўшчына”.
У 1919 годзе Сяславіна было перайменавана ў Крулеўшчыну. Доўгі час лічылася, што якраз палякі і прыдумалі гэтую назву. Аказалася, што гэта не так. На адным з лістоў расейскай ваенна-тапаграфічнай карты-“трохвёрсткі, датаваным 1910 годам, пазначаны засценак Круляўшчызна, які налічваў усяго адзін двор. Размешчаны ён быў побач з чыгункай недалёка ад фальварка Віцантова за чатыры кіламетры на паўднёвы захад ад станцыі Сеславіна (Круляўшчызна). Да 1920-х гадоў засценак Круляўшчызна, хутчэй за ўсё, знік з твару зямлі і таму няма згадак пра яго ў пазнейшых крыніцах.
Калі прагледзець вайсковыя зводкі польска-бальшавіцкай вайны 1919-21 гг, то можна заўважыць цікавы факт: у прыказе, датаваным 9 жніўня 1919 года згадваецца назва чыгуначнай станцыі Сеславіна, а ўжо ў дырэктыве ад 24 верасня, калі станцыя Сеславіна была ўжо занятая палякамі, згадваецца назва “Круляўшчызна”. У зводцы за 6 ліпеня сказана: “стн. Сеславино (Крулевщизна)». Значыць, палякі змянілі назву станцыі адразу ж пасля таго, калі занялі станцыю. Варта ўзгадаць, што назва Сеславіна была нададзена станцыі расейцамі ў гонар расейскага генерал-лейтэнанта Аляксандра Сяславіна, удзельніка Айчыннай вайны 1812 года. Засценак Круляўшчызна не быў самым блізкім паселішчам ад станцыі, аднак, мабыць, яго назва, якая ў даслоўным перакладзе азначае “маёмасць караля”, спадабалася палякам, якія адраджалі сваю незалежную дзяржаву, і павінна была нагадваць аб былой магутнасці Рэчы Паспалітай.

Адміністрацыйны падзел. Круляўшчызна згодна з Рыжскай мірнай дамовай увайшла ў склад Польшчы. На гэтых землях быў ўстаноўлены новы адміністрацыйны падзел. Згодна з ім Круляўшчызна ўвайшла ў склад Докшыцкай гміны Пастаўскага павета Віленскага ваяводства. Ад часу прыходу палякаў і да 7 верасня 1922 года была яшчэ адна часовая адміністрацыйная адзінка – раёны. Круляўшчызна ўваходзіла ў склад 3-га раёна з цэнтрам ў Докшыцах. 26 чэрвеня 1925 года Докшыцкая гміна была перададзена Дзісненскаму павету з цэнтрам ў Глыбокім, а 20 сакавіка 1929 года пры змяненні межаў гмін Крулеўшчына апынулася ў гміне Порплішча Дзісненскага павету.

Чыгунка ў час ІІ Рэчы Паспалітай У адпаведнасці з Рыжскім дагаворам ад 18 сакавіка 1921 года тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы. Мяжа польскай і савецкай чыгунак устаноўлена па перагоне Фарынава - Загацце. Уся пуць на захад ад Загацця перашыта на каляю шырынёй 1435мм. Рэзка ўпалі аб’ёмы перавозак. У 1923 годзе арганізацыяй НКПС СССР №2 завершана пачатае ў лістападзе 1920 года аднаўленне маста праз Дзвіну ў Полацку і аднавіўся рух савецкіх цягнікоў да Фарынава. У 1926 – 28 гадах пабудаваны пагранічны пераход Фарынава-Загацце. Пераход быў добра абсталяваны, але рух цягнікоў праз яго не быў інтэнсіўным. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Польшча ў першыя гады сваёй улады праводзіла рэканструкцыю сваіх чыгунак. Лінія Маладзечна - Загацце пераведзена на з расейскай каляі 1524мм на еўрапейскую каляю 1435 мм. На гэтую шырыню пераведзены пуць Круляўшчызна - Паставы – Гадуцішкі, які да гэтага быў шырынёй 750 мм. У галоўных пуцях ляжалі рэйкі 22,5 фунта на пагонны фут (30,2 кг/метр). У той час на станцыі Круляўшчызна было каля 5 пуцей. Курсіравалі цягнікі Круляўшчызна – Маладзечна – Вільня, Круляўшчызна – Падбродзе – Вільня, Круляўшчызна – Глыбокае (у дні вучобы школьнікаў хадзіў два разы на дзень), дызель-цягнік Загацце – Круляўшчызна – Падбродзе – Вільня (па звестках на 1939 год). З пасажырскімі цягнікамі хадзілі паравозы Okl, Oil, Pd5. Былі на станцыі паравознае і вагоннае дэпо, дыстанцыя пуці са сваёй майстэрняй і кузняй, вакзал, баня, летні дзіцячы лагер, дыстанцыя ахоўных насаджэнняў. Дзейнічала чыгуначная электрастанцыя, на якой працавалі два паравыя рухавікі “Малах-285” з электрагенератарамі 250 кВт, якія давалі электрычнасць у Крулеўшчыну і суседні маёнтак Замошша. Па словах старажылаў, некалькі гадоў з суседняй станцыі Параф’янаў кожны дзень хадзіў спецыяльны поезд, які складаўся з аднаго вагона і паравоза, для падвозу дзяцей чыгуначнікаў у школу.

Прамысловасць і гандаль. Па звестках за 1929 год, тут існавалі аптэка (уласнасць С. Закрэўскага), два рэстараны (Ф. Чоўніка і Ц. Друца), бібліятэка і клуб, якія належалі аддзяленню таварыства “Рух” Віленскай дырэкцыі польскай чыгункі (там па святах і выхадных днях былі вечарыны, канцэрты, уваход на якія каштаваў 0,5 – 1 польскіх злотых), паравы млын з лесапілкай, якія належалі яўрэям – Рубіну і Ходасу Эткіным, дзве пякарні – А. Друца і Х. Гінзбурга, гандлем займаліся вышэйзгаданы Рубін Эткін, А. Блахаў, Г. Райцнельсан, В. Войніч.Гандлем нафтапрадуктамі займаўся Е. Алейнік, гандлем тытунёвымі вырабамі – Г. Алавінскі і Б. Закрэўскі. Існавала таксама амбулаторыя, дзе, паводле слоў старажылаў, працавалі урачы Ціханскі і Скрабенка.
Крыху пазней былі заснаваны некалькі цагельняў. Адна з іх належала Канстанціну Юхневічу, другая – Марціну Клёнтаку. Да сённяшняга часу захаваліся цагліны з надпісамі “Królewszczyzna. 1934 r. M. Klentak” i „Marcin Klentak”. Яшчэ адна цагельня існавала каля засценку Дубно. Дакладна невядомы яе ўладальнік. Цагельня Клентака размяшчалася на месцы сучаснага цагельнага завода. Так як яна не ўказана ў спісе прадпрыемстваў 1929 года, можна зрабіць вывад, што яна ўзнікла паміж 1929 і 1933 годам. Ёсць інфармацыя, што Клентак вырабляў таксама раслінны алей і часаў воўну.

Вуліцы Крулеўшчыны.
Як і ў наш час, галоўнай вуліцай Крулеўшчыны была сучасная вуліца Чарняхоўскага (тады ў розны час яна насіла назвы Пілдсудскага, Варшаўская, Касцёльная). Забудавана яна была ад разваротнага “вугольніку” да колішняга Швэплеўскага пераезда, дзе тракт Іванаўшчына – Глыбокае, пракладзены ў паміж 1910 і 1915 годам, перасякаўся з чыгункай. Існавала частка сучаснай вуліцы 1 Мая (так званая Кулея). Сучасная неафіцыйная назва Кулея паходзіць ад польскага слова kolej – чыгунка. Забудавана была частка вуліц Глыбоцкай і Гогаля. На сённяшняй вуліцы 17 Верасня стаялі некалькі дамоў, а таксама паравы млын з лесапілкай (размяшчаўся насупраць чыгуначнага вакзала з іншага боку чыгункі). Напрыканцы 1920-х гадоў былі забрукаваны сучасныя вуліцы 1 Мая (т.зв. Кулея) і Чарняхоўскага (да Швэплеўскага пераезда), а таксама дарога з Крулеўшчыны на Бабічы. Непадалёк ад месца, дзе зараз нафтабаза, былі заснаваны каталіцкія могілкі. Аднак, у сувязі з тым, што большая частка нашчадкаў жыхароў тагачаснай Крулеўшчыны жывуць зараз за мяжой і магілы няма каму даглядаць, могілкі знаходзяцца ў занядбаным стане. Частку могілак наогул знішчылі, каб правесці на гэтым месцы дарогу. У раёне вуліцы Глыбоцкай быў рынак.

Забудова Крулеўшчыны.
Існавалі як мінімум восем мураваных будынкаў: чыгуначны вакзал, паравознае дэпо (у той час было у два разы меншае – частка яго была дабудавана ў 1942 годзе), школа, лазня (зараз чыгуначная), крама (сучасная нарыхточая крама), чыгуначны клуб, чыгуначная электрастанцыя, пакгауз. Ёсць інфармацыя, што адна або некалькі мураваных пабудоў стаялі на месцы сучаснага ПЧ-10. Архітэктурную цікавасць уяўляў будынак, дзе ў савецкі час размяшчаўся гаспадарчы магазін (шкада, у 2003 годзе ён быў разбураны). Тры сцяны ў ім былі драўляныя, а чацвёртая – цагляная. Гэтая сцяна мае назву брандмаўэр альбо брандмур і была адной з мераў супрацьпажарнай бяспекі. Дамы з брандмурамі існавалі ў Лідзе, Гродна, Глыбокім. У раёне сучаснага так званага БАМа ў 1938 годзе была ўзведзена мураваная двухпавярховая 7-класная школа, дзе ў свой час вучыўся вядомы эміграцыйны пісьменнік Кастусь Акула. Гэтая школа была спалена пры штурме радзіёнаўцамі Крулеўшчыны 17 жніўня 1943 года. У 1938 годзе на пагорку на ўскраіне Крулеўшчыны быў збудаваны драўляны касцёл Сэрца Езуса, які быў зруйнаваны бальшавікамі ў 1964 годзе. З 1924 (?) да 1938 года каталіцкая капліца існавала побач з вакзалам, на месцы сучаснага прывакзальнага сквера. На яе пабудову ў 1924 годзе ўладальнік маёнтка Замошша Слатвінскі аддаў стадолу.

Закапанскі стыль
Для Крулеўшчыны, як і для ўсяго Віленскага ваяводства ў 1920-я – 1930-я гады, характэрна забудова ў так званым закапанскім стылі. У ім узведзены дзесяткі пабудоў у Браславе, Глыбокім, Падсвіллі. Назва стылю паходзіць ад назвы польскага курортнага горада Закапанэ, дзе ўпершыню былі ўзведзены будынкі такога тыпу. Асобныя будынкі ў закапанскім стылі стаялі ў Барсуках, Тумілавічах, Азарцах, Турках. У Крулеўшчыне да такога стылю адносяцца будынак сучаснага чыгуначнага дзіцячага саду па вуліцы 1 Мая, жылы дом побач з ім, два дамы каля чыгуначнага вакзала, кантора паравознага дэпо. Дарэчы, апошняя пабудавана па тым жа самым праекце, што і дом № 22 па вуліцы Чарняхоўскага.

Насельніцтва Крулеўшчыны.
У 1921 годзе ў Крулеўшчыне пражывалі 245 чалавек, было 45 дамоў. Да 1930 года насельніцтва вырасла амаль у два разы і складала 538 чалавек. У тым жа 1930 годзе ў Крулеўшчыне было 116 двароў. Большую частку насельніцтва, пачынаючы з 1921 года, складалі палякі, якія па веравызнанні былі каталікамі. Было тут і некалькі сем’яў яўрэяў, якіх знішчылі фашысты ў гады акупацыі. Большая частка насельніцтва працавала на чыгунцы.

Транспартныя сувязі.
Крулеўшчына была звязана чыгункамі з Вільняй, Маладзечнам, Загаццем. Па чыгунцы грузавы рух у сувязі з прыгранічным становішчам станцыі пры адсутнасці трансгранічных перавозак быў малаінтэнсіўны, пагрузка ў самой Крулеўшчыне дасягала толькі трыццаці вагонаў у месяц. Хадзілі наступныя пасажырскія цягнікі: Крулеўшчына – Глыбокае (так званы “школьны цягнік”, рух якога быў арганізаваны для падвозу школьнікаў з Крулеўшчыны ў Глыбоцкую гімназію імя Люблінскай уніі), Крулеўшчына – Падброддзе - Вільня, Крулеўшчына – Маладзечна – Вільня, дызель-цягнік Загацце – Крулеўшчына – Падброддзе – Вільня. У другой палове 1920 –х – пачатку 1930 гг курсіраваў цягнік (магчыма, дызель) Загацце – Ліда, маршрут якога пазней скарочаны да Крулеўшчыны, а потым да Маладзечна. Крулеўшчына была звязана добрымі грунтавымі дарогамі з Глыбокім, Галубічамі, Докшыцамі.

Школа.
У Крулеўшчыне школа ўзнікла, хутчэй за ўсё, у 1921-22 гг, адразу ж пасля прыходу палякаў. Напачатку, паводле некаторых звестак, у школе было толькі чатыры класы, пасля іх колькасць вырасла да шасці, потым сямі. Першая школа размяшчалася пры вуліцы Чарняхоўскай, пазней яна перанесена ў іншы будынак пры вуліцы Глыбоцкай, а ў 1938 годзе, нарэшце, быў збудаваны адмысловы 2-павярховы цагляны будынак для сямікласнай школы імя Пілдсудскага. Пачатковыя школы існавалі ў многіх навакольных вёсках. У сувязі з тым, што большасць насельніцтва Крулеўшчыны мелі сродкі на адукацыю, шмат хто з дзяцей працягваў адукацыю ў Глыбоцкай гімназіі імя Люблінскай уніі і ў іншых навучальных установах. З мэтай падвозу навучэнцаў у гімназію курсіраваў нават адмысловы цягнік на Глыбокае.

Касцёл Сэрца Езуса
Яшчэ ў 17 – 18 стагоддзі існавала капліца ў маёнтку Замошша каля Крулеўшчыны, якая была страчана ў 1939-41 гг. Паводле Рыжскага мірнага дагавору, чыгуначная станцыя Круляўшчызна перайшла ў склад Польшчы. Напачатку 1920-х гадоў тут пасялілася шмат палякаў, якія былі прысланыя з Польшчы на працу на чыгунцы. Зразумела, што па веравызнанню ўсе яны былі католікі. Таму адразу паўстала пытанне аб пабудове ў Круляўшчызне касцёла. Першая каталіцкая капліца была збудавана ўжо ў 1924 годзе на тэрыторыі паміж чыгуначным вакзалам і вуліцай Пілдсудскага (суч. Чарняхоўскага). Для будаўніцтва гэтай святыні была перанесена стадола, якую даў памешчык Людвік Слатвінскі, ўладальнік маёнтка Замошша, што знаходзіўся за два кіламетры на поўдзень ад Крулеўшчыны. Ён жа даў касцёлу 2 гектары сваёй зямлі. Капліца адносілася спачатку да Докшыцкай парафіі, з 1928 – да Зашчэсленскай. Але пазней было вырашана ўзвесці новы храм. Пабудова новага драўлянага касцёла Сэрца Езуса распачата ў 1931 годзе (па іншых звестках – у 1932). Тады быў закладзены фундамент, а поўнасцю будаўніцтва завершана ў 1937 (па іншых звестках - у 1938 годзе). Касцёл збудаваны на высокім пагорку на ўскраіне Крулеўшчыны, і ў добрае надвор’е яго дах, пакрыты бляхай, быў бачны з далёкай адлегласці. Побач была збудавана плябанія, якая ў савецкі час была пераабсталяваны пад бальніцу, зараз выкарыстоўваецца як жыллё. Але прыйшлі змрочныя часы савецкай улады, калі ўсё святое нішчылася і ганьбавалася. Яшчэ ў 1939 – 1941 гадах савецкія ўлады знішчылі капліцу ў маёнтку Замошша. Адразу ж пасля вайны ксяндза Валяр’яна Хвалоўскага выселілі з плябаніі. Тады ён перасяліўся ў Петушкі да Камянецкіх. Гэта было небяспечна - у часы сталінскага таталітарнага рэжыму за гэта маглі і расстраляць. Аднак Камянецкі сказаў: “А што ж зробіш – не будзе ж ксёндз жыць на вуліцы.” Аднак праз некаторы час ксёндз быў пераведзены ў Крывічы. 16 чэрвеня 1947 года улады забралі ключы ад касцёла. У будынку касцёла размясціўся склад. Летам 1965 года касцёл быў разабраны, і перанесены ў Малажаны на пабудову клуба. Ад святыні застаўся толькі падмурак. Нядаўна на ім устаноўлены крыж, які нагадвае жыхарам Крулеўшчыны, што тут калісьці была святыня.


На галоўную

Крулеўшчына на РАДЗІМЕ

КАСТУСЬ АКУЛА. Пісьменьнік, ураджэнец гэтага краю.

Крулеўшчына пасьля 1939 года

Hosted by uCoz