16 лістапада спаўняецца 80 гадоў вядомаму пісьменніку, нашаму земляку Кастусю Акулу. Ён напісаў сем кніг, якія, зрэшты, у нас з’яўляюцца практычна забароненымі з-за таго, што не супадаюць з афіцыйнай лукашысцкай ідэалогіяй.
Пра гэтага таленавітага пісьменніка, нашага земляка, ў Беларусі ведаюць нямногія – яго творы так і не дайшлі да шырокага кола беларускіх чытачоў. Большасць яго твораў да сённяшняга часу так і не перавыдадзены ў роднай краіне па адной толькі прычыне – погляды, якія ён выказвае ў іх, не супадаюць з сённяшняй дзяржаўнай ідэалогіяй. 16 лістапада 2005 года пісьменніку спаўняецца 80 гадоў.
Кастусь Акула – адзін з самых вядомых беларускіх эмігранцкіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячоў. Сапраўднае імя Кастуся Акулы – Аляксандр Ігнатавіч Качан. Нарадзіўся ён 16 лістапада 1925 у даволі вялікай тады вёсцы Верацеі тагачаснай Глыбоцкай гміны Дзіснескага павета, а зараз Крулеўшчынскага сельсавета Докшыцкага раёна. Апроч Алеся, бацькі – Ігнат і Паўліна, мелі яшчэ восем дзяцей ды дванаццаць гектараў зямлі. Маці пісьменніка цяжка захварэла і памерла напрыканцы жніўня 1939 года, пахавана на цвінтары Росы ў Вільні. Бацька пасля вайны быў рэпрэсаваны па 58 артыкуле крымінальнага кодэксу СССР і загінуў у 1951 годзе ў канцлагеры каля Барысава.
Кастусь Акула (тады яшчэ Качан) скончыў напачатку польскую чатырохкласную школу ў Верацеях, пазней вучыўся ў савецкай сямігодцы ў Крулеўшчыне. У час нямецкай акупацыі ён скончыў кароткачасовыя настаўніцкія курсы ў Глыбокім і некалькі месяцаў працаваў у Порплішчанскай сямігодцы. Пасля ён пакінуў працу і паступіў у восьмы, апошні клас Віленскай Беларускай гімназіі. Ужо ў той час ён пачаў пісаць самыя першыя свае вершы, якія друкаваліся ў “Беларускай газэце” і “Голасе вёскі” – беларускіх газетах, што выдаваліся ў часы нямецкай акупацыі. Першы свой верш пісьменнік пісаў яшчэ пад сваім імем, пазней з’явіўся першы псеўданім – Міхась Козыр. Аднак яму так і не давялося скончыць гімназію. Перашкодзіла гэтаму тое, што у часе адной з паездак у Менск ён быў схоплены і правёў тры месяцы ў канцлагеры на Камароўцы. Пасля вызвалення ён вярнуўся дамоў і ў чэрвені 1944 года паступіў дабравольцам у школу камандзіраў Беларускае Краёвае абароны. У хуткім часе школа была эвакуіравана на захад. Спачатку былі баі ў Эльзасе, потым французкае Супраціўленьне, затым 2-гі польскі корпус генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі. За баявыя подзвігі ў змаганні з фашызмам Кастусь Акула ўзнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". У 1946-м годзе скончыў Брытанскую афіцэрскую школу і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію. Пасля дэмабілізацыі эміграваў у Канаду, дзе працаваў па кантракце на фермах.
У 1945 годзе Аляксандр Качан змяніў сваё сапраўднае імя на псеўданім Кастусь Акула. Нейкі час ён жыў у Вялікабрытаніі, пасля па кантракце паехаў на працу на фермах у Канадзе. Пасля сканчэння кантракту пісьменнік перасяліўся ў Таронта, дзе стаяў каля вытокаў заснавання беларускай нацыянальнай арганізацыі – Згуртавання беларусаў Канады. Доўгі час ён быў старшынёй гэтай арганізацыі. Там жа ён прыклаў шмат намаганняў, каб у Таронце паўстала парафія імя Св. Кірыла Тураўскага Беларускай аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, шмат зрабіў, каб адчыніць у Канадзе дом адпачынку для беларусаў “Слуцак”. Была заснавана беларуская каса самапомачы. Пазней Кастусь Акула заснаваў газету “Беларускі эмігрант”, быў яе рэдактарам. Ужо пасля таго, як газета спыніла сваё існаванне, спадар Кастусь заснаваў у 1974 годзе часопіс ветэранаў Беларускай Краёвай абароны “Зважай”, які выдаваўся да 1996 года. Супрацоўнічаў таксама з рускамоўным парыжскім часопісам “Современник”, беларускай газетай “Бацькаўшчына”.
У той час, як ён змагаўся за нацыянальна-культурнае адраджэнне на канадскай зямлі, у Беларусі яго кляймілі. Пад лістом супраць яго, апублікаваным у тагачаснай прэсе, падпісаліся некалькі беларускіх пісьменнікаў. У “Літаратурнай газеце” выйшаў верш Алеся Бажко “На вузкай кладцы”, дзе спадар Кастусь называўся “агентам ЦРУ” ды “платным амерыканскім вызваліцелем Беларусі”.
На Канадскай зямлі Кастусь Акула працягнуў сваю літаратурную дзейнасць. Першай кнігай стала дакументальная аповесць “Змагарныя дарогі”, у якой расказваецца пра баявы шлях навучэнцаў школы афіцэраў Беларускай Краёвай абароны ад эвакуацыі з Менску да сканчэння вайны. Кніга ўпершыню была выдадзена ў беларускім выдавецтве “Пагоня” ў Таронце у 1962 годзе. Другі раз яна была перавыдадзена накладам 6000 паасобнікаў у 1994 годзе ў Мінску і адразу ж Беларускі ПЭН-цэнтр прысудзіў пісьменніку прэмію імя Францішка Багушэвіча. Кніга ўвайшла ў складзены газетай “Наша ніва” у 1995 годзе спіс 100 найлепшых беларускіх кніг 20 стагоддзя.
Другім творам пісьменніка стала кніга на англійскай мове “Tomorrow is yesterday”, якая так і не была перакладзена на родную мову. Трэці твор – раман у трох кнігах “Гараватка”, які быў напісаны ў 1965 – 1981 гг. У аснову гэтага твора пакладзены рэальныя падзеі, якія адбываліся ў 20 стагоддзі на радзіме пісьменніка. Вёска Літоўцы, жыццё жыхароў якой паказваецца ў творы – гэта не што іншае, як вёска Верацеі, мястэчка Гаці – гэта Крулеўшчына. Кнігі гэтага раману - “Дзярлівая птушка”, “Закрываўленае сонца” і “Беларусы, вас чакае зямля”, распавядаюць, адпаведна, пра пакуты беларускага народа пад уладай Польшчы, СССР і нямецкай акупацыі. Сустракаюцца ў творы і згадкі пра Глыбокае, у прыватнасці, падрабязна расказана пра савецкую турму ў Беразвеччы. Усе падзеі паказаны ў рамане праўдзіва, без усялякай ідэалагічнай афарбоўкі.
У 1969 годзе ў Манрэалі праходзіла сусветная выстава ЭКСПО-67. Кастусь Акула вызначыўся тады тым, што прывітаў гасцей з СССР словамі “Мы сердечно приветствуем вас на свободной канадской земле и ненавидим антинародный кремлевский режим точно так же, как и вы его ненавидите”, а потым у час выступлення намесніка міністра замежных спраў СССР Касыгіна, Палянскага ён раскідаў некалькі брашур з антысавецкімі матэрыяламі ды голасна выкрыкнуў некалькі лозунгаў : “Смерць маскоўскім забойцам”, “Свабоду беларусам”, “Няхай жыве незалежная Беларусь”.
Яшчэ адна кніга – зборнік прозы і паэзіі “Усякая усячына” выйшла у Таронта ў 1984 годзе. У яго ўвайшлі розныя вершы пісьменніка, якія друкаваліся як у беларускіх газетах часоў нямецкай акупацыі, так і пасля вайны за мяжой. Таксама там ёсць яго аўтабіяграфічны твор “Россыпы”, п’еса “Тараканы ў саладусе” і твор “Запіскі Яўхіма Крайняга”.
Ужо пасля выхаду пісьменніка на пенсію ў 1990 годзе, у 1991 годзе, выйшла яшчэ адна кніга - “За волю”, дзе паказана жыццё нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыі ў Канадзе.
Некалькі разоў Кастусь Акула наведаў Беларусь, у тым ліку двойчы – у 1991 і 1994 гадах быў у родных мясцінах. Ён рэгулярна ахвяруе грошы на беларускія выданні, што выходзяць за мяжой. У 1995 годзе ён даў грошы на выданне аднаго з першых нумароў газеты “Вольнае Глыбокае”. Зараз Кастусь Акула спыніў сваю літаратурную дзейнасць, аднак часам яго артыкулы з’яўляюцца ў друку, пераважна ў беларускамоўных замежных выданнях.
Будзем жа спадзявацца, што настане час, калі яго творы дойдуць да беларускіх чытачоў, а ўлада не будзе ўмешвацца ў культуру.
Кастусь Акула
Слава “партыі роднай”
На вежы крамлёўскай гамоняць куранты
Таўкуцца на плошчы ў чарзе экскурсанты,
Каб муміі жоўтай у змрочнай грабніцы
Падзякаваць, нізка чалом пакланіцца –
Жыцьцю новаму брава,
“Роднай партыі” слава!
Із слуцкіх палёў чэмпіён- ільнаводка
Ліпіць у натоўпе із сэрцам дрыготкім -
Савецкая вэрсія слуцкай ткачыхі,
На полі калгасным спазнала хунт ліха –
Зьмянілася доля народная,
Слава “партыі роднае”
Гадоў ёй мо трыццаць, на выгляд шмат болей,
Гарбом на плячах узбуйнела нядоля,
Мазольныя рукі, барозны з кастрыцы,
Худая авоська галечай сьвіціцца –
Постаць прост жалюгодная –
Слава “партыі роднай”
За пот, мазылі і цяжкую фатыгу
Ёй “родная партыя” тыцнула фігу:
Ты Леніну едзь у Маскву пакланіся,
Падзякуй, што бульба і хлеб не звяліся
Шчаслівая ты і свабодная
Пад сонцам “партыі роднае”
Казала ёй маці: “дачушка, бяз Бога
Уладзе ніякай ані да парога.
І цьвет васільковы, і мяккі шоўк лёну
На вуснах патрэпаных стануць праклёнам
Долі нашай прыгоннай –
Слава “партыі роднай”.
Ты знай, ільнаводка, што Плошчы Чырвонай
Ня першы раз слухаць гаротных праклёны,
Ды прыйдзе канец сатаны панаваньню,
Пасьля цёмнай ночы настане сьвітаньне
Зьменіцца доля народная,
Зьгіне “партыя родная”
Паслухай, як гулкім рэхам хаўтурным
Грукае бот з маўзалею дзяжурных,
Пойдзе ў нябыт той пракляты кастрычнік,
Згіне бязбожны маскоўскі апрычнік
І справім ў дзень пагодны
Хаўтуры “партыі роднай”!
1967 г.
Я зганьбаваную сьвятыню
Як мог, што сілаў, аднаўляў.
На помач клікаў на чужыне,
Шляхі і вехі ўстанаўляў
І Благаславёны Ўсявышні
Нас верай. Сілай надзяліў, -
Народ наш на зямлі ня лішні,
Ён будзе жыць, як хваль прыліў.
1981
Прысяга маладога беларуса.
Перад будучыняй нашай, перад родным краем,
Прысягаю аж да смерці служыць роднай справе,
Працай, сілай маладою буду памагаці
Каб на попеле нязгоды лёс наш будаваці
Калі-ж здарыцца патрэба бараніць краіну
Ядля волі для народу пракладу сцяжыну.
Бяда, гора мне ня страшны, бо нядолю знаю,
Дык змагацца за свабоду жыццём прысягаю.
1943
ЗМАГАРНЫЯ ДАРОГІ.
ЗА ВОЛЮ
ГАРАВАТКА.
Зьвязацца з адмінам сайту
|