ДОКШЫЧЧЫНА Ў СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ  

Докшыччына апынулася ў складзе Расійскай імперыі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, на пачатку 1793 г. Замест былых ваяводстваў была утворана Мінская губернія з шэрагам паветаў, сярод якіх 3 мая таго ж года з''явіуся Докшыцкі павет, а Докшыцы атрымалі статус павятовага горада. У 1796 г. яны атрымалі свой герб. Заходні ўскраек раёна, з маёнткам Ваўкалата, тады ж трапіў у Пастаўскі павет. Аднак гэтыя паветы праіснаваў нядоўга - у тым жа 1796 г. яны былі скасаваны, а тэрыторыя іх падзелена паміж суседнімі Барысаўскім і Вілейскім паветамі. Большасць Докшыччыны апынулася ў складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні, а тэрыторыя на захад ад лініі Круляўшчызна - Докшыцы - Гняздзілава ўвайшла ў Вілейскі павет (да снежня 1842 г. - у Мінскай губерні, пазней - у Віленскай).

Пры пераходзе ў падданства Расійскай імперыі большасць землеўлад альнікаў захавала свае маёнткі. Канфіскаваны былі ў першую чаргу ўладанні віленскага біскупства, у тым ліку Бягомль. У далейшым гэты маёнтак належаў спачатку памешчыкам Макузічам, потым - Булгакам, прычым цэнтрам яго стаў ужо не Бягомль, а Бераснёўка. Былі канфіскаваны і іншыя каталіцкія ўладанні - Дзедзін каля Тумілавічаў, што належаў жамойцкаму біскупству, частка Вардамічаў і Драгамічаў (уладанне віленскіх дамініканцаў). Быў канфіскаваны і маёнтак Ваўкалата, які раней належаў Бжастоўскім.

У 1797 г. быу складзены падрабязны інвентар маёнтка Вілейка, які знаходзіўся ва ўладанні віленскага кляштара візітак і пазбегнуў канфіскацыі [48]. У сяле Вілейка ў той час было 23 двары (102 жыхара мужчынскага полу, 75 жаночага), царква, млын, карчма. Вёска (засценак) Кромавічы налічвала 5 двароў, Вялікапале - 3, Замойск (Жамойск) - 5, Краснікі - 9, Вуглы - 6, Гарадзішча - 3, Каменка - 2. Да гэтага ж маёнтка было далучана і сяло Ваўча (27 двароў, царква, млын, карчма), а таксама засценкі Тоўшча і Філіпаўушчына, у якіх жыла так званая чыншавая шляхта. Увогуле маёнтак налічваў 87 дамоў, у якіх жылі 303 мужчыны і 259 жанчын.

У "Эканамічных заўвагах да Генеральнага межавання Мінскай губерні", створаных расійскай адміністрацыяй у 1800 г., [49] прыводзіцца спіс усіх маёнткаў, з пазначэннем колькасці двароў і жахароў мужчынскага і жаночага полу паводле рэвізіі 1795 г. Гэтая крыніца дазваляе вызначыць колькасць насельніцтва Докшыччыны ў гэты час, а таксама параўнаць памеры маёнткаў і паселішчаў. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што неадўлік насельніцтва ў рэвізіях мог дасягаць прыблізна 10 працэнтаў, таму колькасць жыхароў, пазначаную ў іх, на самай справе трэба крыху пабольшыць.

Усяго на тэрыторыі раёна згадваюцца каля 400 населеных пунктаў (месцазнаходжанне некаторых вызначыць цяжка), якія адносіліся да 60 маёткаў. З іх 40 маёнткаў знаходзіліся ў тагачасным Барысаўскім павеце, а 20 - у Вілейскім. Найбуйнейшымі былі маёнткі Порплішча (57 паселішчаў, 493 двары і не менш 2400 жыхароў) і Ваўкалата (46 паселішчаў, 444 двары, не менш 2900 жыхароў). Абодва яны ляжалі ў Вілейскім павеце. Порплішча належала Дамініку Радзівілу, а Ваўкалата незадоўга да таго была нададзена расійскаму вяльможы Цыцыянаву. На тэрыторыі Барысаўскага павета буйнейшымі былі маёнткі Бераснёўка (былы капітульны Бегомль, нададзены Астэрману) з 16 паселішчамі, 382 дварамі, звыш 3000 жыхароў, і Докшыцы, якія належалі Васілю Меляшкевічу (15 паселішчаў, 341 двор, не менш 2300 жыхароў).

Сярод паселішчаў буйнейшым быў заштатны горад Докшыцы, які меў 152 двара і звыш 1100 жыхароў. У мястэчках Бягомль і Беразіно было па 63 двары, насельніцтва першага складала каля 540 жыхароў, другога - каля 520. Значнымі паселішчамі былі таксама Бабцы, Бераснёўка, Будзілаўка, Мількунцы, П''янцы і Юхнаўцы маёнтка Бераснёўка, Таргуны маёнтка Докшыцы, Ліпск маёнтка Беразіно, Порплішча і Лапліна маёнтка Порплішча, Грынеўшчына і Целяшы маёнтка Параф''янава, Бабічы маёнтка Замошша, Янава маёнтка Камайск, Ваўкалата, Гняздзілава, Нябышын, Барсукі аднайменных маёнткаў. У кожным з іх было ад 25 да 60 двароў і ад 200 да 450 жыхароў. Разам з тым каля 150 дробных вёсак, засценкаў і фальваркаў мелі ад 1 да 5 двароў. Увогуле насельніцтва сучаснага раёна складала не менш 26600 жыхароў, а з улікам прапушчаных пры рэвізіі - да 29 тысяч.

На адзін двор у сярэднім прыпадала 6,4 жыхара, але гэтая лічба моцна вагалася як паміж паселішчамі, так і паміж маёнткамі. У радзівілаўскім маёнтку Порплішча, напрыклад, на двор прыходзілася толькі па 4,9 жыхара, у Бераснёўцы - па 7,9, а ў Беразіне - нават па 9. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што паны ўмешваліся ў працэс падзелу сялянскіх гаспадарак - заахвочвалі ці, наадварот, забаранялі дарослым братам дзяліцца. У выніку пад адным дахам часта жылі па дзве, а часам па тры і болей шлюбных пары з дзяцьмі.

Першапачаткова расійскі ўрад мала закрануў унутранае жыццё новадалучаных тэрыторый. Нават Статут 1588 года дзейнічаў на тэрыторыі Мінскай губерніі да 1840 г. Але паступова пачалася палітыка русіфікацыі беларускіх губерняў. Асабліва яна ўзмацнілася пасля падаўлення паўстання 1830-31 гг., накіраванага на аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля гэтага ўрад канфіскаваў не толькі маёнткі актыўных удзельнікаў паўстання, але і апошніх каталіцкіх кляштараў (тады і уладанні Глыбоцкага кляштара кармялітаў - Гняздзілава, Вольбаравічы і фальварак Янкі - былі забраны ў скарб). У 1839 г. была скасавана Берасцейская царкоўная унія. Усіх уніятаў зноў росчыркам пяра ператварылі ў праваслаўных.

Пра стан памешчыцкага землеўладання ва ўсходняй частцы Докшыччыны ў першай палове XIX ст. даюць уяўленне дзве крыніцы: падымны рэестр маёнткаў Барысаўскага павета, які быу складзены пад час акупацыі напалеонаўскай арміяй у 1812 г., і "Апісанне Барысаўскага павета", выдадзенае графам Яўстафіем Тышкевічам у 1847 г., у якім прыводзяцца статыстычныя звесткі паводле рэвізіі 1834 г. [50] Звесткі гэтых крыніц можна параўнаць з больш раннімі звесткамі рэвізіі 1795 г. Гэтае параўнанне паказвае, што ў некаторых маёнтках назіраўся значны рост насельніцтва, а ў іншых - нават скарачэнне.

Так, маёнтак Бераснёўка ў 1812 г., калі ён належаў пану Манузічу, налічваў толькі 210 дымоў (супраць 382 паводле рэвізіі 1795 г.), а ў 1834 (ва ўладанні пана Булгака) - 15 паселішчаў і 1241 рэвізскую душу мужчынскага полу, альбо каля 2,5 тыс. жыхароў (супраць 3 тыс. жыхароў у 16 паселішчах на 1795 г.). Маёнтак Вілейка ў 1812 г. меў 89 сялянскіх двароў і 7 шляхецкіх (чыншавай шляхты), супраць 86 у 1795 г. У 1834 г. гэты ж маёнтак меў 378 мужчынскіх душ, альбо каля 750 жыхароў, супраць 576 у 1795 г.

Маёнтак Тумілавічы з вёскамі Старынка, Стараселле, Парэчча і Шалашы ў 1812 г. належаў тром братам Іозефовічам і налічваў 50 дымоў, хаця ў 1795 г. у ім было амаль удвая больш - 97 дымоў. Суседні Дзедзін, уладанне Глебніцкай, меў 29 сялянскіх дымоў і 1 шляхецкі, адзін дым належау царкоўнай плябаніі, пры тым што ў 1795 г. там было 65 дымоў. У 1834 г. Тумілавічы былі падзелены паміж Карказевічам (52 мужчынскія душы) і Садоўскім (56 душ), што дае разам каля 200 жыхароў, Дзедзін меў 372 мужчынскіх душ альбо каля 750 жыхароў. Верагодна, паміж гэтымі сумежнымі маёнткамі адбылася пэўнае пераразмеркаванне падданых, пры тым што іх агульная колькасць засталася амаль такой, як была ў 1795 г. (тады ў Тумілавічах было 674 жыхара, у Дзедзіне - 390).

Заштатны горад Докшыцы, які быў забраны на скарб і аддзелены ад навакольнай воласці, у 1812 г. налічваў 99 дымоў (супраць 152 у 1795 г.). Цэнтрам навакольных вёсак (Дамашы, Крывічане, Вецер, Плітніца, Крышчуны, Лясы, Рудакі, Загараны, Чарніца) стаў маёнтак Валасатка, што знаходзіўся ў 4 км на паўднёвы захад ад Докшыц і належаў Іосіфу Свяціцкаму. Усяго да гэтага маёнтка цягнулі 106 дымоў. Суседні маёнтак Норвідполе Яна Норвіда меў 60 дымоў. У 1834 г. Норвідполе належала Венцлавовічу, налічвала 186 мучжынскіх душ. Астатняя докшыцкая воласць падрабілася на невялічкія ўладанні. Так, маёнтак Докшыцы Слотвінскага меў 82 душы, Загараны Заблоцкага - 22, Лапуты Блажэвіча - 43, Вецер (Вяцера) належаў ажно тром саўладальнікам (Пжэмыскаму, Турчынскаму і Ярцаву), на якіх прыпадала адпаведна 22, 10 і 35 душ.

Невялікімі былі і маёнткі, на якія распалася былая вотчына Пацаў. Беразіно, якое ў 1812 г. належала Тавянскім і лічылася ўжо не мястэчкам, а сялом, мела 30 дымоў. У Асецішчы 14 дымоў належала Траяну Корсаку, 11 сялянскіх і 10 шляхецкіх - Мікалаю Вяцкевічу. Улессе Станюка налічвала 9 дымоў, Каралін Дабрэўскага - 6. У суседнім маёнтку Цярэспаль Себасцяна Ваньковіча было 37 дымоў, 5 - у належачым Яну Трэмбінскаму Трэмбіне, які знаходзіўся на шляху з Беразіна ў Докшыцы. У 1834 г. буйнейшы з гэтых маёнткау, Беразіно (якоё па ранейшаму належала Тавянскім), мела 311 мужчынскіх душ, альбо звыш 600 жыхароў. Гэта было ўдвая менш, чым у 1795 г.

Вячаслаў Насевіч, кандыдат гістарычных навук

Полное собрание русских летописей. Т. 7. М., 1856. С. 199.
Ochmanski J. Powstanie i rozwoj latyfundium biskupstwa Wilenskiego (1387 - 1550). Poznan, 1963. S. 46.
Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. Krakow, 1948. №№ 25, 70.
Там жа. № 25.
Там жа. № 70.
Там жа. № 86.
Документы Московского архива министерства юстиции. Т. 1. М., 1897. С. 42.
Акты Литовской метрики. Т. 1. Вып. 1. Варшава, 1896. С. 20 - 21; Метрыка ВКЛ. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-18. (Надалей - Метрыка). Спр. 14. Арк. 163.
Ochmanski J. Powstanie i rozwoj … S. 62 - 63.
Kodeks dyplomatyczny … N 236.
Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1897. S. 21.
Boniecki A. Poczet rodow w Wielkim Ksiastwe Litewskiem w XV i XVI wieku. Warszawa, 1895. S. 5, 72, 188; Pietkiewicz K. Kiezgailowie i ich latyfundium do polowy XVI wieku. Poznan, 1982. S. 39, note 192, 196.
Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси (Далей - АСД). Т. 7. Вильно, 1888. АСД. Т. 1. Вильно, 1867.
Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси (Далей - АСД). Т. 7. Вильно, 1888.
Беларускі архіў. Т. 2. Мн., 1928. С. 265 - 268.
Метрыка. Спр. 14. Арк. 164; Спр. 29. Арк. 132; Спр. 246. Арк. 216.
Русская историческая библиотека (Далей - РИБ). Т. 33. Пг., 1915. С. 440.
Malczewska M. Latyfundium Radziwillow do polowy XVI wieku. Warszawa - Poznan, 1985. S. 102 - 108.
Wolff J. Kniaziowie … S. 106.
Там жа.
Метрыка. Спр. 266. Арк. 209 - 210 адв.
АВК. Т. 22. № 611.
Wolff J. Kniaziowie … S. 102 - 107.
Wolff J. Pacowie. Materyaly historyczno-genealogiczne. Petersburg, 1885. S. 28.
АВК. Т. 14. Вильно, 1887. № 2.
Ochmanski J. Biskupstwo Wilenskie w sredniowieczu. Ustroj i uposazenie. Poznan, 1972. S. 98.
Писцовые книги Московского государства. Ч. 1. Спб., 1872. С. 422.
Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego. T. 13. Warszawa, 1892. S. 682.
РИБ. Т. 33. С. 494.
Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов (Далей - АВК). Т. 22. Вильно, 1895. №№ 629, 632.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). Ф. 1755. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 278 - 280.
НГАБ. Ф. 1755. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 1171, 1376, 1417.
Wolff J. Pacowie … S. 68.
Там жа. S. 73 - 74, 149.
Гильтебрандт П. Рукописный отдел Виленской публичной библиотеки. Вып. 1. Вильно, 1871. С. 105.
Polski slownik biograficzny. T. 30. S. 235.
АВК. Т. 36. №№ 41, 69.
АВК. Т. 18. № 149.
Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego. T. 2. S. 93.
Спрогис И. Географический указатель выборных документов их актовых книг Виленского центрального архива. (Захоўваецца ў чытальнай зале НГАБ).
Wolff J. Pacowie … S. 148.
Ochmanski J. Powstanie i rozwoj … S. 64.
Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego. T. 13. S. 682.
Спрогис И. Геогрфический указатель …
Адздел рукопісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. Ф. ДА. Спр. 1304. Арк. 24.
Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. СА. Спр. 3721. Арк. 24.
Rejestry podymnego Wielkiego Ksiastwa Litewskiego. Wojewodstwo wilenskie 1690 r. / Opracowal A. Rachuba. Warszawa, 1989. S. 111 - 115.
АВК. Т. 38. № 43.
Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 89. Арк. 348 - 450 (Вілейскі павет), 532 - 588 (Барысаўскі павет).
Аддзел рукапісаў Вільнюскага дзяржаўнага універсітэта. Ф. 4. Спр. 34477; Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu Borysowskiego. Wilno, 1847.


Сайт аўтара
Докшыччына на сайце RADZIMA.ORG
На галоўную
Докшыччына ў складзе ВКЛ і РП
Сувязь з адмінам сайту

Hosted by uCoz