КРУЛЕЎШЧЫНА (КАРАЛЕЎШЧЫНА)

КРУЛЕЎШЧЫНА ДА 1939 ГОДА КРУЛЕЎШЧЫНА ПАСЬЛЯ 1939 ГОДА КАСТУСЬ АКУЛА - пісьменнік, ураджэнец гэтага краю Капліца ў Дубоўскіх Касьцёл Сэрца Езуса Крулеўшчына на РАДЗІМЕ Зьвязацца з адмінам сайту Інфармацыйны цэнтар "Сумежжа"

КРУЛЕЎШЧЫНА - АДНО З САМЫХ МАЛАДЫХ ПАСЕЛІШЧАЎ ДОКШЫЧЧЫНЫ

У рэвізіі маёнткаў 1795 года аніякіх звестак пра паселішча Крулеўшчына няма, таму, хутчэй за ўсё, узнікла яно ў 19 стагоддзі на тэрыторыі Порплішчанскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні. Засценак Круляўшчызна пазначаны на мапе 1910 года паміж маёнткам Янушэва і фальваркам Віцантова. Да 1920-х гадоў ён знік з твару зямлі.
У 1902 годзе распачалося будаўніцтва Балагое-Сядлецкай чыгункі. За чатыры кіламетры на паўночны ўсход ад засценку Круляўшчызна, аднак ужо на тэрыторыі Барысаўскага павета Мінскай губерні, была ўзведзена чыгуначная станцыя, што атрымала назоў Сеславіна (у гонар кіраўніка расейскага партызанскага атрада ў вайне 1812 года А. М. Сеславіна) Цяжка сказаць, чаму менавіта такі назоў надалі ўлады станцыі, бо звычайна станцыі мелі той жа назоў, што і найбліжэйшыя да іх паселішчы. Пры станцыі ўзнік пасёлак для чыгуначнікаў, дзе пражывалі напачатку 79 чалавек. Напачатку 20 стагоддзя планавалася пракладка праз Сеславіна вузкакалейкі з Глыбокага на Воршу, потым Данецка-Балтыйскай чыгункі, аднак ніводзін з праектаў не быў ажыццёўлены. У часе Першай Сусветнай вайны Сеславіна апынулася ў прыфрантавой зоне. У 1915 годзе пракладзена вузкакалейка на Глыбокае, якую палякі перашылі на шырокую каляю, перанесена з Парфенава паравознае дэпо, узведзены электрастанцыя, водаправод. У 1916 годзе на месцы пахавання жаўнераў пры засценку Дубоўскія ля Сеславіна збудавана капліца. Яшчэ адна праваслаўная капліца існавала ў той час на самой станцыі, аднак ніякіх звестак пра яе няма.
У 1919 годзе палякі надалі станцыі назоў Круляўшчызна. Безумоўна, назоў гэты паходзіць ад назову вышэйзгаданага засценка, хоць ён і не з’яўляецца бліжэйшым паселішчам ад чыгуначнай станцыі. Існуюць тры варыянты назову Круляўшчызна, Крулеўшчына і Каралеўшчына. У часы 2-й Рэчы Паспалітай выкарыстоўваўся назоў Круляўшчызна, да сённяшняга дня так называюць чыгуначную станцыю. Каралеўшчына – беларускі варыянт польскага слова „krоlewszczyzna”што ў даслоўным перакладзе азначае “уласнасць караля”. За наданне Крулеўшчыне такога назову выступае пісьменнік Кастусь Акула, які нарадзіўся ў адлеглых на 2 кіламетры ад Крулеўшчыны Верацеях і прысвяціў гэтым мясцінам раман “Гараватка”. (У Беларусі гэты твор так і не выдадзены). У савецкі час шмат хто хацеў дамагчыся вяртання станцыі назову Сеславіна, у 1962 і 1990 годзе звярталіся з такой прапановай у вышэйстаячыя інстанцыі, якія, аднак, не задаволілі звароты.
У 1921 годзе ў Крулеўшчыне пражывалі 245 чалавек, у 1930 годзе – 538, было 116 дамоў. Дзейнічалі электрастанцыя, паравознае дэпо, вадаправод, паравы млын, лесапільня, амбулаторыя, шэраг крам, аптэка, два рэстараны, пякарня, бібліятэка, школа, цагельня. У 1938 годзе быў узведзены драўляны касцёл Сэрца Езуса (знішчаны бальшавікамі ў 1967 годзе). З прыходам савецкіх войскаў Крулеўшчына стала цэнтрам сельсавета. У 1941 годзе пачалася пракладка чыгункі Крулеўшчына – Лепель, якую так і не дабудавалі.
У часе вайны былі знішчаны ўсе крулеўшчынскія габрэі. Тады на станцыі Крулеўшчына пры праверцы дакументаў схоплены Барыс Кіт, які пазней стаў сусветна вядомым навукоўцам. У 1943 годзе распачалася будова новай праваслаўнай царквы, якая не была скончана. 17 жніўня 1943 года Крулеўшчыну штурмавала “Руская вызваленчая армія” Радзівонава, якая перайшла на бок партызанаў. У пасляваенны час ў Крулеўшчыне былі ўзведзены жылы пасёлак з трох- і чатырохпавярховых дамоў, цагельны і торфабрыкетны заводы, прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі. У 1970-х гг. Крулеўшчына “паглынула” суседнія паселішчы Крупскія, Бабічы, Янушэва, Швэплі, Стралкоўскія і стала найвялікшым сельскім паселішчам у Віцебскай вобласці з насельніцтвам каля трох тысяч чалавек. З 1994 пачаў дзейнічаць касцёл, у 2002 – 2005 гг збудавана праваслаўная царква Св. Іаана Хрысціцеля.
Кастусь Шыталь, краязнаўца



Hosted by uCoz